|
 Гэта першае выданьне паэзіі, філязофіі і публіцыстыкі Міколы Ермаловіча(слынны гісторык, грамадскі дзеяч, ганаровый грамадзянін г.Маладэчна)
25 верасьня ў Менску прэзэнтаваная кніга Міколы Ермаловіча з сэрыі «Гукавая кніга па‑беларуску». Гэта першае выданьне паэзіі, філязофіі і публіцыстыкі Міколы Ермаловіча. Аўдыёкніга выдадзеная намаганьнямі грамадзкага аб’яднаньня «Ветэраны адраджэньня», Культурніцкай камісіі партыі БНФ і іншымі ініцыятывамі.
У асяродку навукоўцаў, выкладчыкаў і дэмакратычнай грамадзкасьці Мікола Ермаловіч вядомы як выбітны гісторык. Яму належыць грунтоўная праца па дасьледаваньню гісторыі старажытнай Беларусі, якая зьняпраўджвае многія афіцыйныя дагматы. Аднак у аўдыёвыданьні Мікола Ермаловіч паўстае ў новым абліччы, кажа адзін з выдаўцоў Франак Вячорка:
«У гэтай кнізе сабраныя вядомыя і невядомыя тэксты Міколы Ермаловіча. На жаль, ён ужо нябожчык, але такое адчуваньне, што прадказаў тое, што мы сёньня маем у Беларусі: татальнае прыніжэньне і вынішчэньне ўсяго нацыянальнага не беларускімі сіламі. А таксама раскрыў спосаб змаганьня з гэтым».
Выданьне кнігі Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь» напрыканцы 1980‑х сталася надзвычайнай падзеяй і паўплывала на сьветапогляд сотняў людзей. Ня меншае ўражаньне здольная зрабіць і аўдыёкніга публіцыста і філёзафа Міколы Ермаловіча, перакананы рэжысэр Валеры Мазынскі: «Ён пісаў тое, на што не адважыўся, па‑мойму, ніводзін з нашых паэтаў. Ён праўдзіва пісаў пра той час, і для мяне гэта было вялікае адкрыцьцё. Мы кажам, што дысыдэнтаў у нас не было. Вось гэта быў абсалютны дысыдэнт».
У аўдыёкнізе Міколы Ермаловіча Валеры Мазынскі начытвае 7 гадзінаў тэксту аўтара.
Як паведаміў Франк Вячорка, у сэрыі «Гукавая кніга па‑беларуску» выйшлі таксама вершы Максіма Багдановіча, падрыхтаваныя да выданьня творы клясыкаў беларускай і замежнай літаратуры: «Аўдыёкнігі, пераклады на беларускую мову кінастужак і іншае мы ўкладаем у канцэпцыю нэаадраджэньня. Тое, што рабілася напачатку 1990‑х гадоў, усё гэта патрэбна людзям і сёньня. Менавіта культура, на мой погляд, здольная зьмяніць нашую рэчаіснасьць. А таксама абудзіць грамадзтва да нейкіх пераменаў».
Каментары (0) - Дадаць |