| Культурны марафон. |
|
|
| Паводле Юрась Бусел, Алесь Квіткевіч | |
| 10 May 2007 00 21 22 | |
|
Прапануем вашае ўвазе матэрыял, які зрабілі два маладых таленавітых журналіста часткова для газэты "Наша Ніва" і адмыслова для www.maladechna.org. Гэты матэрыял зьмяшчае 4 тэматычна зьвязаныя артыкулы: інтэрвію зь Лявонам Вольскім напярэдадні канцэрта, канцэрт N.R.M., апытаньне гледачоў пасьля канцэрту, інтэрвію зь Пітам Паўлавым на наступны дзень пасьля канцэрта. Гэты культуровы марафон - аповед пра тое, як рыхтаваўся і адбыўся сольны выступ N.R.M. у Маладэчне. Для гісторыі нагадаем, што канцэрт праходзіў 6 траўня 2007 года.
Культурны марафон.Лявон Вольскі пагадзіўся адказаць на пытаньні напярэдадні канцэрта ў горадзе Маладэчна. Гутарка адбывалася на студыі гуказапісу адразу пасьля агучкі першай і другой часткі фільму “Піраты з Карыбаў”, над якім працуе творчае згуртаваньне “Дзіўноты і памароцтвы”. Лявон Вольскі ў гэтым фільме агучвае непаўторнага Джэка Вераб’я (у арыгінале – Джоні Дэп). Фільм неўзабаве мае выйсьці на DVD.Размова пра Маладэчна, новы альбом N.R.M., “Белсат”, студэнцкія ільготы ды нятолькі пра гэта.- Ці былі ваганьні з прыняцьцем запрашэньня выступіць менавіта ў Маладэчне, з якім зьвязаныя часам ня вельмі добрыя успаміны сямігадовае даўніны?- (сьмяецца) Гэта ужо сем гадоў таму было? Сур’ёзна?! Во час бяжыць… Так, быў тады даволі цікавы прэцыдэнт. Мы зараз часта узгадваем гэта усё, таму што ў нас быў страшэнна пасьпяховы тур па Беларусі, і мы зьбіралі ледзь не па 600 чалавек на кожным канцэрце: колькі было месцаў у залі, столькі і зьбіралі.У нас тады нарэшце быў сапраўдны тур: мы ехалі на бусе, везьлі свой апарат. А тут у Маладэчне такая… неспадзяванка выйшла. Напэўна, каб зорная хвароба не узьнікала, нам лёс падкінуў такое выпрабаваньне: прыйшло усяго 2 чалавекі. (сьмяецца) У нас усё гэта ёсьць, дарэчы, на відэа. Сьмешны такі момант быў. І галоўнае, не зразумела, чаму так адбылося, бо рэкляма ў горадзе вісела.- Па прашэсьці сямі год ці можна адказаць, хто вінаваты (акрамя, зразумела, маладачанскага гледача), што канцэрт тады па прычыне адсутнасьці аўдыторыі не адбыўся?- Ня ведаю нават. Раней у Маладэчне нават у клюбе Чыгуначнікаў зьбіралася поўная заля, зь Менску прыяжджалі людзі… Ах, вось, мажліва, яно што! Справа ў тым, што ў нас у Менску быў вялікі канцэрт пасьля таго тура, таму са сталіцы ніхто, відавочна, не паехаў. Можа, на гэтым палягаюць прычыны таго няўдалага візыту ў слаўны горад Маладэчна. На гэты раз, спадзяюся, будзе болей людзей: хаця б чалавек 20 (сьмяецца) – у 10 разоў болей, чым тады.Наколькі я ведаю, дрэнна квіткі разыходзяцца. Але, думаю, гэта з прычыны таго, што народ беларускі цяпер вельмі недаверлівы, і гледачы ў апошні момант набываюць квіткі. Думаюць, што канцэрт могуць нават за гадзіну перад канцэртам адмяніць, баяцца гэтых забаронаў нейкіх і г.д. Але я не думаю, што рука забараняльшчыкаў дойдзе ажно туды, да клюбу нейкага.- А калі быў апошні электрычны канцэрт N.R.M. у Беларусі?- Зараз адкажу... Ён быў узімку, літаральна перад Новым годам, у сьнежні. У рэстарацыі, якая называлася “Ваяж” (зараз ужо не існуе – аўт.). Там адзін прадпрымальны чалавек сарганізаваў продаж квіткоў празь інтэрнэт. Рэкляма таксама толькі ў інтэрнэце: нідзе болей выступ не анансаваўся. Дырэктар тады сказаў “плаціце арэнду і рабіце, што хочаце”: заплацілі арэнду і – усё. На канцэрце было, здаецца, 250 чалавек. Праўда, там была ня вельмі спрыяльная тэрыторыя для правядзеньня канцэрту, але пазытыўн быў выступ. Толькі шкада публіку, бо заўсёды цяжка ў непрыдатным для канцэрта месцы: ня усё відаць, ня усё чуваць. Але маем тое, што маем у наш час.- Які матэрыял плянуецца на канцэрце ў Маладэчне?- Частку мы сыграем новага рэпэртуару, адносна новага, бо ужо шмат разоў гралі “гадзючнікі” гэтыя усе і “сталінграды”, а таксама песьні традыцыйныя. Будзем глядзець на настрой публікі. Плянуем выступаць ці то паўтары, ці то 2 гадзіны.- Раней у інтэрнэце з’яўлялася інфармацыя, што нібыта ў Маладэчне будзе прэзэнтаваны новы альбом. Ці праўда гэта?- У Маладэчне? Не, гэта дэзінфармацыя. У першую чаргу, няма чым прэзэнтоўваць, бо няма яшчэ дыскаў: толькі учора атрымалі майстар канчатковы, зараз гатова паліграфія. Дзесьці праз тыдзень будзе гатовы дыск. Што гэта за прэзэнтацыя бяз дыскаў?!. Прэзэнтацыя – гэта каб азалаціцца, прадаць дыскаў падчас канцэрту (сьмяецца). А ў Маладэчне пакуль няма чаго прадаваць, таму будзем проста граць новыя і, канешне ж, старыя песьні.- Ці можаце раскрыць таямніцу: якая канцэпцыя новага альбома?- Канцэпцыі ў новага альбома няма. Гэта значыць, канцэпцыя – у бесканцэптуальнасьці. Вокладка альбома зьмяшчае выявы узнагародаў Незалежнае Рэспублікі Мроя: “Крыж трох чарапахаў”, “Одзірыдзідзіна” – каліграфічна Алезіс (бубнач гурта Алезіс Дземідовіч – аўт.) прамаляваў… Альбом называецца “06” (“Нуль-шэсьць” – аўт.), але чаму так, я дакладна ня ведаю. Хутчэй за усё таму, што усё адбывалася ў 2006-м годзе.Таксама гэта шосты нумарны альбом N.R.M. Нашыя польскія сябры (альбом таксама будзе выдавацца ў Польшчы – аўт.) спрабавалі памяняць назву, яле мы не пагадзіліся, і я лічу гэта правільным. Там палякі палічылі, што назва нейкая некамэрцыйная, але ж і мы ня лічым сябе камэрцыйным калектывам настолькі, каб прадусар даваў нам назву альбома.- Калі сп.Вольскі – лідар гурта – ня ведае, адкуль пайшла назва альбома, значыць нехта іншы даў назву?- Мы аднойчы ехалі з Польшчы, у купэ цягніка і думалі, як назваць новы альбом. Раптам прыйшлі да высновы, што “06” гучыць няблага. Толькі Піту адразу не спадабалася. Але ж і шосты па ліку альбом, і той запамінальны 2006-ы год. У тым годзе ў нашае краіне адбываліся сур’ёзныя палітычныя падзеі: спроба моладзевай рэвалюцыі, Плошча – даўно нічога такога не было ў Беларусі.У нас зараз, на мой погляд, застой, нічога не адбываецца, усё ціхенька. Я пару дзён таму з Амэрыкі вярнуўся і зірнуў на усё нібы збоку. Навіны глядзець немагчыма, выступаюць па тэлебачаньні адны і тыя ж: усе гэтыя сідорскія, пракаповічы... І тут раптам – раз! – Лукашэнка выступіў, і пайшлі навіны: ён сказаў гэта, сказаў тое. Вось і усе навіны ў Беларусі: “Выступіў Лукашэнка і сказаў…” Хацон (удзельнік творчага згуртаваньня “Саша і Сірожа” Аляксандар Хацкевіч – аўт.) комікс намаляваў паводле гэтага выступа. Як па мне, дык гэта ня вельмі цікава. А вось там была вельмі знакавая асабіста для мяне падзея: мы хадзілі на Пляц як на любімую працу, падтрымлівалі маладых людзей, сьмяшылі іх, дадавалі пазытыву, развучвалі разам песьні. Ім там халодна было, таму трэба было цеплыні дадаць... Карацей, год запомніўся.- А што адбываецца ў іншых музычных праэктах, да якіх мае тое ці іншае дачыненьне Лявон Вольскі?- Ніхто не заўважае з гэтым N.R.M.-ам, што выйшла новая “Крамбамбуля Сьвяточная”: паводле запісу і канцэпцыі вельмі густоўны альбом. Дарэчы, ён ужо ў продажы. Мы вырашылі не рабіць ніякіх пампэзных прэзэнтацыяў, бо ў нашае сытуацыі забаронаў дэбільных гэта бессэнсоўна. Неўзабаве мае выйсьці новы альбом N.R.M., тады можа быць і запросім прадстаўнікоў незалежнае прэсы; залежныя усё роўна ня прыйдуць. А раней хадзілі. (сьмяецца) Зараз жа ў іх там нейкія сьпісы: у гэтых інтэрвію ня браць, з тымі не размаўляць.- Узгадалі пра мас-мэдыя, таму ў зьвязку з гэтым наступнае пытаньне: неўзабаве, прыкладна ў кастрычніку, мае пачаць трансьляцыі з-за мяжы на Беларусь незалежны спадарожнікавы канал “Белсат”. Якія спадзевы на яго? Ці можа гэта зьмяніць сытуацыю ў інфармацыйнае прасторы нашае краіны?- Такія незалежныя сродкі масавай інфармацыі, як радыё, тэлебачаньне – гэта наогул някепская рэч. Зьменіць гэта штосьці ці не – паглядзім. Сур’ёзныя зьмены адразу не адбываюцца. Але хай людзі глядзяць не толькі тое, як у нас усё добра, бульба вялікая, а навокал катастрофы ды неўраджаі. Хай пакажуць крыху іншую карціну. А тое ў нас усё з большага расейскае ТБ, якое вельмі ужо падобнае да нашага, айчыннага інфармацыйнага прадукта.Ды толькі справа яшчэ ў тым, што не ва усіх ёсьць магчымасьць глядзець спадарожнікавыя каналы: вось у мяне, напрыклад, зламалася антэна, і рукі ніяк не даходзяць яе адрэмантаваць. Дык зараз паказваюць толькі 5 каналаў: усе, вядома ж, дзяржаўныя. Спачатку я сьмяяўся з гэтае штохвіліннае прапаганды, але цяпер ужо і не да сьмеху. Безумоўна, павінна быць нейкая альтэрнатыва. Людзі, заточаныя пад БТ, і надалей будуць глядзець БТ. Таксама як людзі, звыклыя да ўсялякіх універсамаў, ня будуць купляць тавары празь інтэрнэт. Такім чынам, гэты праэкт з незалежным спадарожнікавым каналам хутчэй для тых грамадзян, якія хочуць альтэрнатыўнай інфармацыі, але ня могуць яе атрымаць. А такіх вельмі шмат: я думаю, не адзін мільён у нашай краіне.- Ці ведаеце, Лявон Артуравіч, пра сітуацыю са студэнцкімі ільготамі, якія, разам з некаторымі іншымі, зьбіраюцца скасаваць?- Сур’ёзна?! Пакуль ня чуў пра гэта. Можа толькі калі ў БРСМе, тады маеш права на ільготы?.. Тады я раю і пенсіі ўсе адмяніць, як дзесьці там у Кітаі. І бальніцы трэба зачыніць у вёсках і ў г.п. там розных: толькі ў горадзе каб былі. Хай калгасьнікі на нагах хварэюць. Толькі ветэранам трэба пакінуць 2 разы на год па бутэльцы гарэлкі: на 9 траўня і 22 чэрвеня.- Такім чынам, Лявон Вольскі, які не мае права на ільготны праезд, у выніку разьлічвае на паніжэньне кошту транспартных паслугаў для тых катэгорый грамадзян, якія і зараз плоцяць 100%, ці так?- Мне танней ня стане езьдзіць, бо я езджу на ўласным аўто, а бензін даражэе з кожным днём (сьмяецца). Вось калі машына зламаецца, тады і разгледзем усе вашыя аргументы.- Дзякуй за шчырасьць.“Маладачанцы папрасілі прабачэньне за падзеі сямігадовае даўніны”І вось у Маладэчне, насуперак усім прымхам і забабонам затурканага адміністрацыйнага апарату й да радасьці сотняў прыхільнікаў творчасьці N.R.M., канцэрт такі адбыўся. Паспрыяла нават надвор’е. А ў самім клюбе было настолькі сьпякотна, што, казалі, сьцены ў залі былі мокрымі, а вялізныя люстэркі за сьпінамі музыкаў запатнелі ўжо напрыканцы першае песьні. Рэдкі фан вытрымліваў хаця б гадзіну скокаў каля сцэны – у самым гушчары адбываўся натуральны дыфузійны абмен. Час ад часу наведвальнікі выходзілі ў хол, каб ўдыхнуць чарговы глыток сьвежага паветра, а потым як рыбы, давалі нырца за наступнай порцыяй драйву. Але тое, што паркетная падлога прагіналася й вібравала ад скокаў дзьвюх соцень маладзёнаў, карэспандэнты “Н.Н.” адчулі пад уласнымі нагамі.Па дадзеных арганізатараў, падчас выступу ў залі прысутнічала ад 180 да 200 чалавек: было прададзена каля 160-ці квіткоў плюс спагадлівыя арганізатары дазволілі ўжо падчас імпрэзы некаторым “ільготнікам” праходзіць за паўцаны. Што тут скажаш? – Рэспэкт!Апытаньне гледачоў пасьля канцэрту.“Я ўвогуле мару пра той час, калі N.R.M.-аўцам дазволяць зьбіраць стадыёны.”Ю. Б.: Ці спадабаўся Вам канцэрт: гук, выступ, настрой аўдыторыі. Атмасфэра ў залі? Ці чакалі, што канцэрт насуперак усялякім перашкодам адбудзецца?Юры Іванавіч, настаўнік, Аляхновічы:- Нармалёва. Я ў сваім жыцьці ніколі ня думаў, што ў Маладэчне зьбярэцца такая колькасьць прыхільнікаў гурта N.R.M. Былі выпадкі, калі я прыходзіў у гэты клюб на канцэрты беларускамоўных гуртоў, а мне казалі, што канцэрт адменены з прычыны таго, што квіткі не распраданыя. А сёньня я шчасьлівы бачыць столькі цікавых людзей, аднадумцаў у адной залі. Прыемна, што ў Маладэчне ёсьць аматары творчасьці беларускамоўных музыкаў. Я вельмі рады.Nika, амбасадарка N.R.M. у Польшчы, госьць з Уроцлава, размаўляе па-беларуску:- Канешне ж спадабаўся, бо заўсёды прыемна прысутнічаць на канцэрце сваіх сяброў. Адзінае, калі браць у параўнаньні з выступамі N.R.M. у Польшчы, дык тут клюб быў такі ўжо няўтульны. Але мне больш за ўсё спадабалася, як беларусы рэагуюць на N.R.M. Вось гэта сапраўдная любоў і шчырасьць!Марына Найдзіч, экс-кандыдат у мясцовыя дэпутаты ад дэмакратычных сілаў, Маладэчна:- Вельмі спадабаўся. Часьцей бы ў нашым горадзе былі такія канцэрты. Самі бачыце: зьбіраецца моладзь, значыць ёсьць падставы казаць, што беларуская рок-музыка запатрабаваная.Спадар, гадоў 50-ці, мясцовы:- Канцэрт спадабаўся, хаця гук мог быць і лепшы. А так усё супэр. Чакаў ці не чакаў выступу, але ж канцэрт адбыўся, дзякаваць Богу.Павал Батуеў, госьць з Салігорска:- Канцэрт цудоўнейшы, публіка цудоўнейшая! Цікавостка такая, што шмат песень з новага альбому, які ‘шчэ ня выйшаў. Прыемна таксама адзначыць, што НРМ выступае ў рэгіёнах. Вось каб яшчэ клюб трошачкі большы быў, а тое трохі задушліва (сьмяецца). А так усё супэр! Салігорск любіць N.R.M.! Жыве Беларусь!Хлопец, гадоў 19-ці, сталічны госьць:- Ну, яшчэ б не спадабаўся! Такое рэдка бывае ў наш час. Шкада толькі, што складаецца такая сытуацыя, што N.R.M.-аўцам зараз амаль немагчыма зладзіць канцэрт у Менску. Неаднаразовыя спробы пакуль жорстка й бяздумна зрываліся тымі, каму ў гэтай краіне ўвогуле ўсё, груба кажучы, “па цымбалах”. Але ж мы з задавальненьнем прыехалі ў госьці да маладэчанцаў. І канешне ж, чакаем вялікага электрычнага канцэрту N.R.M. у Менску. Я ўвогуле мару пра той час, калі N.R.M. зможа свабодна зьбіраць стадыёны. Уласна, сама каманда даўно ўжо на гэта здатная, але умовы пакуль ня надта спрыяюць. Ды толькі вось такія выступы, як сёньня, пакрысе вяртаюць упэўненасьць і аптымізм. Дзякуй музыкам “за сустрэчу, за цудоўны вечар”!
|
| < Папяр. | Наст. > |
|---|
Я быў там і бачыў, што моладзі болей нічога і ня трэба...
Дата 06/18/2007 Час 14:45
Дзякуй аўтарам за інтэрв'ю і фота, НРМ'аўцам за адказы і, канешне, канцэрт!
Ня ведаю, хто там з Гародні зьбіраўся прыехаць, але зь Ліды прыехала, як мінімум, шэсьць чалавек - гэта дакладна так.
Хацелася б сказаць наконт таго, што не выпабае спадзявацца на тое, што N.R.M. у бліжэйшы час будзе ў Гародні ці Лідзе...
Насамрэч, чаму так песымістычна? Пасля канцэрту (нават на яго пачатку) ўзнікала думка: 'А чаму не правесьці падобнае ў Лідзе?' Месца, кшталту клуба ў Маладзечна (можа нават і лепшае), знайсьці можна будзе. Канешне, інтэрнэт-рэклямы ў рэгіёнах недастаткова, але я маю падставу казаць, што некалькі прыхільнікаў НРМ у гэтым горадзе задарма (а лепш - за ільготны квіток на канцэрт:)) расклеяць, размножаць (калі трэба) афішы, дапамогуць распаўсюдзіць квіткі.
У любым выпадку, дзякуй, Маладзечна, за файны канцэрт. Часцей бы так!
Дата 05/10/2007 Час 21:40



Прывітаньне, шаноўнае спадарства!












